Ляцяць байдаркі хуткія па Ясельдзе…

Менавіта па Ясельдзе, па цудоўным палескім краі праходзіў чарговы, трэці па ліку, сплаў беларускіх журналістаў. Прэс-тур, як  і  ў мінулыя гады, арганізавала пры падтрымцы праўлення грамадскага аб’яднання   «Беларуская асацыяцыя журналістаў»  Лунінецкая філія арганізацыі.
Сабраўшыся а восьмай гадзіне раніцы ў Лунінцы, мы рушылі на аўтамабілях у бок Ясельды. На гэты раз выказалі жаданне прайсці па рацэ пятнаццаць чалавек – рэдактары, карэспандэнты, аператары з Мінска, Брэста, Салігорска, Гомеля, Лунінца, Баранавіч.

Пераапрануўшыся і  пакінуўшы машыны, «сталі на ваду» каля Гарадзішча. Паўтара кіламетра па бясплыннай затоцы – і вось яна, Ясельда! Адразу кідаецца ў вочы прыгажосць гэтых мясцін. Кустоўе і дрэвы абапал вады, старыя  рэчышчы, а на водным люстэрку – гарлачыкі і лілеі, над якімі ўюцца стракозы і матылькі. Сонца, лёгкі ветрык, мінімум вопраткі – усё гэта настройвала на рамантычны лад. Праўда, па недаглядзе  некаторыя за гэта трошкі і паплаціліся – падгарэлі. Але да таго, каб шукаць і выкарыстоўваць медыцынскія сродкі, не дайшло. Дарэчы, значная частка ўдзельнікаў летась сплаўлялася па Случы і ўжо мела ў гэтым пэўныя навыкі, так што прайсці 25 кіламетраў па Ясельдзе складаным не ўяўлялася. І ўсё ж павеславаць давялося.

 

Сплав на байдарках


Турыстычная байдарка – вельмі зручнае і  даволі  ўстойлівае прыстасаванне для перамяшчэння па вадзе. Тут узгадваецца паэма Генры Лангфэла «Песнь аб Гайаваце»: «Я звяжу сабе пірогу, /Лёгкі човен пабудую, /І ў вадзе ён будзе плаваць, /Быццам жоўты ліст асенні,   /Быццам жоўценькі гарлачык». Праўда, у нашым выпадку адзін экіпаж усё ж умудрыўся зрабіць оверкіль, што значыць перакуліцца, а адной  з нашых дзяўчат «пашчасціла» вымушана  апынуцца ў вадзе двойчы. Але гэта не сапсавала яе настрой. Да ўсяго  на  першай стаянцы, калі мы спыніліся на перакус і вырашылі выкупацца, высветлілася, што Ясельду лёгка перайсці ўброд. Мажліва, не ўсюды, але там,  дзе мы стаялі, – дакладна.


Лёгкія Еўропы – у небяспецы


Супынак на паўдарозе – гэта не толькі магчымасць падсілкавацца, найперш – прэзентацыя. А тэма прэс-туру – «Беларускія балоты – лёгкія Еўропы – у небяспецы». Па словах Анатоля Нефідовіча, краязнаўцы і географа па прафесіі, балоты выдзяляюць у 4–5 разоў больш кіслароду, чым лясы. На думку навукоўца Аляксандра Казуліна, які займаецца экалагічнымі праблемамі Беларусі і матэрыялы якога прэзентаваў Нефідовіч, унікальная сістэма балотаў захавалася ў нас на нязначных плошчах. Нават знака-мітае балота Званец можна прайсці за адзін дзень. У балотах столькі ж вады, як і ў азёрах, якіх у Беларусі 10000. У нас 72 віды птушак занесены ў Чырвоную кнігу і траціна з іх жыве на балотах. Рэдкія з іх – дупель (усяго 60–100 самцоў), вяртлявая чаратоўка. Для выжывання апошняй цяпер не вельмі спрыяльныя ўмовы. Месца яе жыцця – асака, якой становіцца ўсё менш і на змену якой прыходзіць хмызняк, дзе гэтая птушка  гняздзіцца не можа.

 

Але найбольшая небяспека для ўсяго жывога цяпер – гэта торфараспрацоўкі. Здаецца, балоты цяпер амаль не асушаюць, але торфу ў сувязі з навацыямі ў эканоміцы і заклікамі перайсці на «традыцыйнае» альтэрнатыўнае паліва, здабываюць усё больш. Стаіць пытанне аб здабычы торфу  нават на ахоўных тэрыторыях, у заказніках – Спораўскім, Выганашчанскім… Усяго ў Беларусі цяпер 863 тысячы гектараў неасушаных балотаў – трэцяя частка ад таго, што было. Асноўны шлях выратавання «лёгкіх Еўропы» – паўторнае забалочванне, аднаўленне гідралагічнага рэжыму. Але пакуль устаноўка плацін на каналах і забалочванне – толькі гідрала-гічны эксперымент… Не менш страшная з’ява – пажары, якія бушуюць на балотах  штогод. Тады выгарае ўвогуле ўсё жывое.

 


Жыццё сучаснай вёскі

 


Другую частку маршруту пасля перадыху прайшлі больш лёгка і незаўважна. Заставалася яшчэ колькі часу  да прыезду за намі машын, і група вырашыла пазнаёміцца з побытам палешукоў, якія жывуць у міжрэччы, паміж Прыпяццю і Ясельдай, у прыватнасці з жыхарамі вёскі  Кудрычы. Тым больш што да гэтага часу неба добра зацягнула хмарамі і набліжалася навальніца. Яна і захапіла нас у хаце аднаго з гаспадароў, дзядзькі Маісея, якому ў той дзень якраз споўніўся 71 год. Усю нашу шматлікую групу, якая мерылася перачакаць непагадзь пад павеццю, гасцінна запрасілі ў хату. Дзяўчыне, якая прымусова «выкупалася» і не мела з сабою вопраткі, каб пераапрануцца, нават выдзелілі «з сабою» вязаную кофтачку.

 


Назвалі дзядзьку Маісеем у гонар яго дзеда. Разам з жонкай ён трымае нядрэнную па сённяшніх днях гаспадарку, у якой – карова, конь, хатняя птушка. А яшчэ ў іх – борць, дзе каля пятнаццаці калод з пчоламі і некалькі вулляў. Пчолы жывуць, як нам распавялі, самапасам – ніхто іх не падкормлівае, але і мёд цалкам гаспадары не выграбаюць. На месца загінуўшых сем’яў ловяцца і засяляюцца новыя раі. У гаспадара і гаспадыні чатыры дачкі, жывуць асобна. Увогуле, у вёсцы жывуць людзі сталага веку,  маладыя – гэта тыя, каму за 50. Самаму старому жыхару – за дзевяноста. Увогуле, у сяле жывуць толькі ў адзінаццаці хатах 24 чалавекі. На ўсё сяло – чатыры каровы і сем коней. Як вады вясною няма – дык нібыта і не вясна, гаворыць Маісей.

 


Раней тут пры кожнай хаце было па некалькі лодак. А на пытанне – калі жылося лепш – цяпер ці раней, хітравата адказвае:  «Калі малады быў!»  Скардзіцца народ, што не выканала ўлада свае абяцанкі пра кампенсацыю ўкладаў – у гаспадара было сабрана на той час восем тысяч рублёў, ды і ў гаспадыні нешта захоўвалася.

 


Па словах людзей, рыбу цяпер у рацэ не здабываюць – вельмі вялікія штрафы (хаця жак – прыстасаванне з сеткі для рыбнай лоўлі – у цудоўным стане на беразе ракі недалёка ад вёскі мы бачылі). А раней з рыбы і жылі. Пяць дзён працавалі на калгас, «за працадзень», на які нічога не налічвалі, два – на сябе, на рацэ. Рыбу здавалі і набывалі ўсё неабходнае.


Царквы ў вёсцы цяпер няма. Была добрая, драўляная, але недзе ў 1962-м прыгналі трактар, зачапілі за купалы і расцягнулі. Зрабілі з рэшткаў школу, а потым  сацыяльны дом. Ходзіць паданне, што ў дом мужчыны, які ўзяў з разбуранай царквы дзве іконы, ударыла маланка і іконы гэтыя раптам зніклі з хаты.


 Тое, што на падворку ў гаспадароў карова, па словах гаспадыні, – добрая справа. «Да печы ёсць з чым падступіцца, – гаворыць яна. – І малачко сваё, і масла, і тварог».


У рэшце рэшт непагадзь скончылася (дробны дожджык не ў разлік), за намі прыйшлі машыны і мы рушылі да ўтульнае сядзібы Нефідовічаў.


Не самым лепшым сюрпрызам стала тое, што маланка ўдарыла ў падстанцыю і ў гаспадароў, як і ва ўсёй вёсцы, не  было святла. Асабліва гэта засмуціла футбольных заўзятараў, якія хацелі паглядзець матч Германія – Грэцыя. Але іх адвезлі ў суседнюю вёску, дзе электрычнасць была. А  астатнія папарыцца ў лазні, паесці шашлыкоў і паспяваць песні змаглі і пры святле кішэнных ліхтарыкаў і свечак. Затое колькі  было рамантыкі!  Апоўначы, калі пачалі збірацца да сну, святло ўсё ж з’явілася.


 Ранак быў цёплы і сонечны. Разам з Анатолем і яго жонкай Ірынай  рыхтавалі юшку з 15-кілаграмовага сома. Яны распавялі, што сёлета на сядзібе турыстаў-беларусаў у іх яшчэ не было, толькі замежнікі – тры польскія групы, сям’я з Нідэрландаў і нават галандскі амбасадар з Польшчы, які разам з кіроўцам і гаспадаром  сплаўляліся па Смердзі і Прыпяці. Усе, хто наведвае Нефідовічаў, найбольш цікавяцца птушкамі. Дарэчы, гаспадары – сябры аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны». На падворку ў Нефідовічаў цяпер таксама ёсць на каго паглядзець – перапёлкі, трусікі, в’етнамская свінка… А яшчэ Анатоль зрабіў прыстасаванне, з дапамогай якога лякуе пчоламі. У дамку чалавек на лежаку, а пад ім – два вуллі, у якіх шчыруюць пчолкі і аддаюць знямогламу  сваю энэргію. Кажуць, дапамагае…

 


Клубнічная «сталіца»

 


На адваротным шляху завіталі ў клубнічную сталіцу Лунінеччыны – Дварэц.  Сотні мясцовых жыхароў прывозяць сюды – хто на аўтамабілі, а хто і на ровары, ягады. А скупляюць іх там прыезджыя, у асноўным азербайджанцы. На той час плацілі па 14–15 тысяч за кілаграм . Як сказаў адзін з мясцовых жыхароў, за тыдзень да гэтага клубніку бралі ўсяго па 5–6 тысяч. Азербайджанцы ж распавялі, што ягады на сваіх «бусах» вязуць у Бранск і іншыя гарады Расіі і там здаюць у пераліку на беларускія грошы па 50–60 тысяч за кілаграм


 Тут жа, пры дарозе, прыёмны пункт мясцовага  райспажыўсаюза, дзе бяруць дробныя ягады – па тры тысячы. Ніякай чаргі да  гэтых прыёмшчыкаў няма – збіраць  дробную клуб-ніку і аддаваць амаль задарма ніхто не хоча. 
Развітваліся ў Лунінцы цёпла. Узгадвалі ўчарашнюю і папярэднія вандроўкі, будавалі новыя планы. І нараджа-ліся радкі, навеяныя тым, што ўбачыў і адчуў:


Магчыма, ты яшчэ не быў нідзе,


А сёння вось пазбыўся роднай хаты.


Ляцяць байдаркі хуткія па Ясельдзе,


Нібыта лёгкі човен Гайаваты.


…Ты сёння прызвычаіўся да лета,


Да шэрых птушак і да жоўтых кветак.


Ты нават бачыш, як трыснёг шапоча,


І ад’язджаць адсюль ніяк не хочаш…

 

Аляксей БЕЛЫ, intex-press.by

 

Сплав на байдарках