«Вольнае слова» - пра Лунінеччыну

З ініцыятывы і намаганняў Лунінецкай філіі БАЖ экалагічны прэс-тур «Прыпяць - жывая вада Палесся» ўдаўся. Галоўнымі дарадцамі ў гэтай паездцы былі гаспадар аграсядзібы «Прыпяцкі плёс» Анатоль Нефідовіч з вёскі Лахаўка Лунінецкага раёна і ягоны бацька, сябра БАЖ Сцяпан Нефідовіч.

Нефідовічы сустрэлі журналістаў у вёсцы Лахва - той самай, якая ў ХVI–ХVIII стагоддзях належала роду Радзі-вілаў і якой ужо ў наш час захапляўся Уладзімір Караткевіч. У Лахве мы пераселі ў байдаркі і веславалі па рацэ са страшнаватай назваю Смердзь ажно да самай Прыпяці - і далей уніз па цячэнні.

 Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч спярша апавёў нам пра мясцовую царкву. І падалося, што ў гэтым расказе гучала нейкая замова ад самых мудрагелістых нечаканасцяў, якія таіў у сабе наш далёка не просты паход па вадзе. Гэтае адчуванне магічнай абароненасці, што выклікаў мудры вясковы інтэлігент, яшчэ больш узмацнілася, калі Нефідовіч паглыбіўся ў этымалогію назвы «Смердзь». На мапах Рэчы Паспалітай рэчка наогул называлася проста і безапеляцыйна - «Смерць». Хадзіла нават паданне, што іншым разам з яе водаў раздаваўся чалавечы стогн альбо дзіцячы плач. Гэта ў залежнасці ад таго, чыё жыццё мелася забраць рака - дарослага ці малога.

Як бы там ні было, але Лахва і тутэйшая рака Смердзь уразілі ў свой час і Уладзіміра Караткевіча. У нарысе «Зямля пад белымі крыламі» ён пісаў: «Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпа-дзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунэлі. І ў гэтых тунэлях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў… І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў».

Старэйшы Нефідовіч, выдатны краязнаўца, нядаўні настаўнік беларускай мовы і літаратуры, не надта пагаджаецца з Караткевічам наконт «астраўнога» жыцця тутэйшых вяскоўцаў, Але Сцяпан Нефідовіч два масткі, якія аддзяляюць «выспу» ад «выспы», паказвае. Ды і самі мы перабіраемся да байдарак праз экзатычны драўляны масток, што выгнуў сваю хісткую спіну па-над Смерддзю. Гэты масток - найкарацейшы шлях з адной вуліцы на другую.

 Пакуль мы аглядалі Лахву, Сцяпан Нефідовіч апавёў пра спрадвечных тутэйшых спадарожнікаў чалавека - птушак: «Я калі ў дзяцінстве тут жыў - у суседняй вёсцы Лахаўка, альбо Малая Лахва, - то столькі было птаства: кнігаўкі, кулікі розныя, качкі ўсіх відаў. Насіліся яны хмарамі. Усе балацянкі, выпасы, лугі былі занятыя птаствам. Усё наўкол гаманіла. Цяпер асушылі ўсё, задамбавалі, польдэр зрабілі. Праедзеш кіламетраў дзесяць па гэтых дамбах, добра, калі кулічка ўбачыш, кнігаўку, дзесьці качку».

Але нам шэнціць. Блізу сажалкі мясцовага рыбгаса прыслухоўваемся да гукаў, якія даносяцца з густых зарасляў прыбярэжнага чароту. Нефідовіч пазнае «спевака» - гэта вяртлявая чаротаўка, рэдкая ў Еўропе птушка. Найбольшая папуляцыя яе захавалася менавіта на Палессі.

У жыцці мне даводзілася бачыць нямала настаўнікаў. Былі сярод іх і такія, якіх трапна называлі «прадмет-нікамі». Такія акуратна выкладалі дзятве ў школе свой «прадмет» і тым былі задаволеныя. Педагагічнаму начальству такія настаўнікі таксама даспадобы - не шукае журавоў у небе, нікуды не ўлазіць, нічога не патрабуе.

 Сцяпан Нефідовіч хутчэй «энцыклапедыст», чым звычайны настаўнік, хаця свае прадметы ў яго ў школе таксама былі - родная мова і літаратура. Але ён не замкнуўся, не абмежаваўся адным толькі выкладаннем. Родная мова для яго, як падалося, гэта і наваколле, і гісторыя роднага краю. Гэта ўсё, чым чалавек жыве сёння і чым жыў учора.

Калі ў Лунінцы ўзяліся пісаць гісторыю свайго краю, назваўшы яе «Лунінецкім сшыткам», Сцяпан Нефідовіч узяўся за пяро, каб расказаць, адкуль паходзяць назвы тутэйшых паселішчаў, занатаваць асаблівасці побыту палешукоў. У паэтычнай скарбонцы роднага краю таксама ёсць унёсак Сцяпана Нефідофіча.

Цяпер Нефідовіч-старэйшы задумаў расказаць пра рэчкі, якія былі на тэрыторыі раёна і якія зніклі пасля павальнай меліярацыі: «Ох, рэчак згінула - дзесяткі такіх рачулак. Вось у нас была Ка-ніца - назва ад слова “каня”, кнігаўкі вадзіліся. Альбо, напрыклад, Ваўчанка, Выдранка - іх зрабілі каналамі. Журавінная знікла рэчка - гэта з прыгожымі назвамі. А так - Люта, Марочна. Ёсць Лань, а яшчэ была рэчачка Лана, глухая такая. Свінапаска была маленькая рэчачка, каля Кажан-Гарадка працякала - знікла».

Паводле Нефідовіча, першы ўдар па тутэйшых рэчках нанесла пракладка чыгуначнага палатна. З Грычынскага балота, якое знаходзілася вышэй за Прыпяць, выцякала дзесятак рэчак. Дзе-нідзе будавалі масты, каб даць ход ва-дзе. Шлях драбнейшым рэчкам проста перагарадзіў чыгуначны насып. Ну а меліярацыя ўжо не толькі загубіла малыя рачулкі, але і моцна змяніла тутэйшыя абшары: «Цяпер і балота не тое, не тое балота - яно асушана. Няма вады! Там раней і чарвячок нейкі быў, і розныя ракавінкі, і шмат чаго яшчэ. Цяпер усё - сухое балота. У такім балоце ежы няма. Для птушак гэта непрымальны абшар».

 Пасля павальнай меліярацыі на Палессі перасталі выкошвацца і паплавы. Яны зараслі кустоўем, высачэзнай асакой. Паступова, заўважае Сцяпан Нефідовіч, мяняюцца і насельнікі тутэйшых абшараў: «Некаторыя віды, якія раней тут не жылі, з’яўляюцца ў гэтых зарасніках. Напрыклад, баклан з’явіўся - непажаданая, агрэсіўная і вельмі пражэрлівая птушка. У вусці Лані ў нас тут заказнік. Раней тут былі цэлыя калоніі шэрых чапляў. Цяпер бакланы ўсё асядлалі. Захапілі іхнія гнёзды, з’ядаюць птушанят. Праўда, з’явіліся ў нас белыя чаплі - вялікія і малыя. Доўгі час іх тут не было, а дзесьці з дзесятак гадоў таму сталі іх заўважаць, прычым шмат. Нашыя мясцовыя птушкі - кнігаўкі, шматлікія кулікі і гэтак далей – паступова знікаюць».

Як чалавек дапытлівага розуму, Нефідовіч звярнуў увагу і на тутэйшыя назвы зёлак і вырашыў напісаць пра адлюстраванне расліннага свету ў народнай культуры Лунінецкага краю: «Тут столькі можна расказаць! Растуць у нас грамічнік, сардэчнік, серпарэзнік – шмат розных назваў, якія гавораць самі за сябе. Напрыклад, белыя суквецці серпарэзніку - а расце ён на балоце - здрабняюць і прыкладаюць да раны, каб гаілася хутчэй. Сардэчнік, альбо, як яго яшчэ называюць, буслоўнік, выкарыстоўваюць пры захворваннях сэрца. Ёсць багата зёлак, якія выкарыстоўваюць на Купалле - дзеля замоваў, абярэгаў. Тая ж крапіва была сродкам абароны ад знахараў, якія, таго і глядзі, выцягнуць у каровы малако. Кляновыя галінкі засцерагалі хату ад цёмных сілаў. Словам, на кожную лячэбную зёлку і амаль на кожнае значнае дрэва ёсць народнае паданне».

Няўрымслівасць і неспакой, прага да пазнання, жаданне падзяліцца ведамі з тымі, хто вакол цябе, сталі для 70-гадовага вясковага інтэлігента тымі моцнымі крыламі, якія нібы прыўздымаюць Яго над родным Палессем. І з вышыні птушынага палёту ён мусіць глядзець на гэты абсяг, асэнсоўваць убачанае і выкладаць на паперу.

 Зямных спраў Нефідовіч - старэйшы таксама не цураецца. У мінулым скліканні абіраўся дэпутатам раённага савета. «Паваліў» на выбарах «керасіншчыка» - прадстаў-ніка паліўна-энергетычнага комплексу. За час дэпутацтва здолеў дапамагчы шэрагу састарэлых людзей - забяспечыць ім больш высокія пенсіі. З ініцыятывы дэпутата Нефідовіча ў Лахаўцы пачалі парадкаваць вуліцу. Але на палавіне кінулі - спасылаюцца ўсё на адсутнасць фінансаў.

А яшчэ Сцяпан Нефідовіч вырасціў дваіх сыноў і дачку. І цяпер у яго сем унукаў. «Я калі думаю пра сваю сям’ю, - кажа Сцяпан Паўлавіч, - то параўноўваю ўсіх з кветкамі. Шаснаццаць кветак - ладны такі букет атрымліваецца».

Малодшы Нефідовіч, Анатоль, таксама педагог. Па першай адукацыі ён настаўнік геаграфіі, па другой - гісторыі. Анатоль - сябра абласной рады ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», кіраўнік праекта «Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак».

Перш чым заняцца экалагічным турызмам, Нефідовіч-малодшы даследаваў сам і разам са школьнікамі ўсе тутэйшыя балацянкі, рэчкі і затокі. І вельмі быў усцешаны, што, нарэшце, тэрыторыя роднай Лунінеччыны ўвайшла ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сярэдняя Прыпяць».

 Інакш складана было абараняць тутэйшую флору і фауну: «Тут азначана ў нас, на гэтай тэрыторыі, 182 віды птушак. 150 - гняздуюцца, з іх 52 віды занесены ў Чырвоную кнігу. Калі браць тэрыторыю Беларусі, то найбольш тут сканцэнтраваны так званыя глабальныя віды, якіх у свеце вельмі мала. Так, дзве траціны ўсёй папуляцыі вядомай ужо нам вяртлявай чаротаўкі ў нас знаходзяцца. Альбо вялікі арлец - у нашым Лунінецкім і Столінскім раёнах яго найбольшая еўрапейская папуляцыя. Белыя сініцы сустракаюцца. Кваква ў вусці Лані гняздуецца. Ну і кулікі, зразумела: кулік-сарока, марадунка, якой у Еўропе амаль не засталося».

Анатоль, як і ягоны бацька, засмучаны найбольш тым, што ўсё гэтае багацце мала знаёмае не толькі дзятве, але і школьным выкладчыкам: «Засмучае наш адукацыйны падыход. Людзі нават з вышэйшай адукацыяй, не кажучы пра школьнікаў, не ведаюць самага простага, звычайнага ў свеце птушак і раслін. Калі пералічваць віды, якія ведаюць нават біёлагі, хопіць пальцаў на руках. А ў прыродзе - зрокава, на слых - яны вызначаць яшчэ меней. А калі мы не ведаем, то мы не імкнемся гэта захаваць, не беражом, не цэнім».

 Летась Анатоль Нефідовіч зарэгістраваў сваю аграсядзібу «Прыпяцкі плёс». Адважыўся на такі крок, бо адчуў, што дзяржава спрыяе развіццю сельскага турызму. Жонка Ірына, настаўніца геаграфіі, таксама была не супраць і нават падтрымала мужа. Сапраўдныя географы - гэта не дамаседы, гэта - падарожнікі. Анатоль, што называецца, аб’ездзіў Беларусь, быў на Байкале, у Алтайскім краі, у гарах Цянь-Шаня. Апошнія гады ў Карпаты ледзь не кожную зіму ездзіць. На першыя свае настаўніцкія адпускныя Анатоль купіў трохмесную байдарку. З Ірынай і старэйшым сынам Раманам не раз падарожнічалі па беларускіх рэках.

Каму ж у такім разе займацца агратурызмам, як не Анатолю, абазнанаму ў гэтай справе чалавеку?!

- Агратурызм, - лічыць Анатоль, - дае магчымасць знаёміць людзей з прыродай нашага краю, з яго флорай і фаунай.

Ірына, у сваю чаргу, заўважае, што аграсядзіба спрыяе новым знаёмствам.

Сітуацыя захапіла нават сына Рамана, і ён заахвоціўся паступаць на біялагічны факультэт у БДУ. Узорная атрымаецца аграсядзіба - тут свае географ, гісторык, біёлаг, літаратар.

У Лахаўку Ірына прыехала з Мінска, дзе вучылася на адным факультэце з Анатолем. Сама яна з Нароўлі. У сталіцу яе сям’я перабралася пасля Чарнобыля.

- Мяне вёска не палохае, - кажа Ірына. - Наадварот, мне падаецца, што ў вёсцы расціць дзяцей нават прасцей, чым у горадзе. Яны тут і на прыродзе, і пры справе. У нас жа і меншы сын Андрэйка падрастае.

Каб неяк пашырыць прапановы для аматараў сельскага турызму, Анатоль папоўніў свой байдарачны парк. І цяпер адразу паўтара дзесятка чалавек могуць сесці ў байдаркі і веславаць па Прыпяці - па царстве вады, зеляніны і сонца. Тут у затоках цвітуць белыя німфеі, а ў нябесным блакіце лунаюць такія ж белыя чаплі.

 Раніцай на другі дзень нашай вандроўкі мы пераселі з байдарак «на колы», і Анатоль павёз нас у Кажан-Гарадок - паселішча, вядомае з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

У мястэчку нас уразілі буслянкі - яны тут на кожнай вуліцы, прычым на жалезабетонных электрычных слупах.

Таццяна Грыцкевіч, гаспадыня дома, што стаіць побач са Свята-Мікалаеўскай царквой, распавяла пра сваіх «суседзяў»: «Ужо гады тры, як яны на слупе пасяліліся. Месца гэтае, відаць, упадабалі. Бачыце, нязручна, але яны, бедненькія, неяк збудавалі. Так лоўка ўладкавалі - і ся-дзяць. Божы знак!»

Буслы для беларусаў - несумненна, святая птушка. Свой татэм! Як у Індыі, напрыклад, карова ці дракон у кітайцаў. Белыя буслы здавён туліліся да жытла. Чапаць гнёзды буслоў у беларусаў заўсёды лічылася вялікім грахом. Падлеткаў страшылі нават: бусел можа прынесці запаленую галавешку на хату ці гумно і адпомсціць за раскіданае гняздо.

Зараз буслы гняздуюцца ў палескіх вёсках не на гумнах і хлявах, а на электрычных слупах. Пасля меліярацыі якая-кольвечы кармавая база для птушак захавалася, а вось дрэвы для гняздоўя на ўскрайку балот знішчаны. Шыферныя дахі птахам, відаць, недаспадобы, і яны аблюбавалі нязручныя для будоўлі, але затое трывалыя электрычныя слупы.

 Анатоль Нефідовіч кажа, што ў сваім раёне займаўся перапісам белых буслоў, а чорных - улічвала лясніцтва: «Кожныя дзесяць гадоў праводзіцца агульнаеўрапейскі ўлік белага бусла. І чорнага таксама. У нашым раёне белых я лічыў. За восем дзён на веласіпедзе кожную вёску, кожную вуліцу аб’ездзіў. У Кажан-Гарадку я налічыў 25 гнёздаў. А летась супрацоў-ніца Інстытута заалогіі Ірына Самусенка прыязджала. Яны тры дні толькі Кажан-Гарадок даследавалі. Тут ужо было 26 гнёздаў белых буслоў. У нашым раёне самыя «бусліныя вёскі» - гэта Кажан-Гарадок, Лахаўка і Града – невялікая вёска. У Градзе, напрыклад, на адным дубе ажно чатыры гнязды».

Пасля павальнай меліярацыі прыстасоўваюцца да новага ландшафту, новых умоваў як людзі, так і птушкі. Адны разумеюць, што адбылося, другія, мусіць, - не надта.

Нефідовіч-малодшы апавёў, што пасля асушэння вялізнага Грычынскага балота многія птушкі працягваюць тут сяліцца: «Што я для сябе адкрыў: у тых птушак, якія гняздуюцца на балотах, відаць, ужо на генным узроўні закладзена імкненне прылятаць сюды. У мінулым годзе мы балотную саву тут кальцавалі, вераценнікаў шмат, хаця асушэнне Грычына адбылося ў 60-я гады мінулага стагоддзя. З таго часу няма балота, але ўсе балотныя віды птушак тут гняздуцца. І лясныя птушкі трапляюцца. Напрыклад, сірыйскі дзяцел. У Беларусі ён рэдкі, а ў нас, у Лахаўцы, за хатай арэшнік расце, дык адначасова арэхаўка і сірыйскі дзяцел прыляталі арэхі збіраць».

Раней палешукі хадзілі на балоты збіраць птушыныя яйкі - качак, кулікоў. Цяпер не ходзяць, не шукаюць. Меліярацыя ўдарыла па наваколлі, па дзікай прыродзе і ў рэшце рэшт змяніла побыт саміх палешукоў.

 Мужчына сярэдніх гадоў з той жа Лахаўкі, які назваўся Віктарам, сфармуляваў наступствы меліярацыі такім чынам: «Каналаў нарылі, калектараў нарабілі. Зямля цяпер свае ўласцівасці страчвае - ураджай ужо не той. З вёсак таксама калектары вільгаць цягнуць. Яблыні і слівы з кожным годам засыхаюць. Зараз ля дома ў калодзежы нават паўметра вады няма. Пяць вёдзер зачарпнуў - і ўсё. Глыбіня 7-8 кадаўбаў, а вады - няма».

Цяпер палеткі на колішніх балотах, дзе неабачліва вырошчвалі прапашныя культуры, «праваліліся» амаль на метр. Частку глебы вывезлі разам з ураджаем, а частку - вынеслі пыльныя буры.

«Ужо дзесяцігоддзе ці нават болей, - кажа Анатоль Нефідовіч, - не вядзецца ніякага актыўнага асушэння. Але і за тое, што нарабілі, надта крыўдна. Быў бы ў нас той жа Грычын альбо там, дзе зараз польдэр, пойма, - мы б мелі значна большую перспектыву».

Аграсядзібу Нефідовічаў у Лахаўцы мы пакідалі спякотным ліпеньскім надвячоркам. Ужо праз колькі кіламетраў гарачай дарогі зноў хацелася акунуцца ў лонныя воды Прыпяці, над якой, нібы анёлы, лунаюць белыя птахі. І засталося адчуванне, што і сам ты не толькі плаваў, але і лётаў над гэтай зямлёй. І бачыў нашмат далей, чым мог бачыць да гэтага часу.

 

Анатоль Гатовчыц, “Информ-прогулка”