На базе СШ №2 г.Лунінца прайшла штогадовая канферэнцыя раённага аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». На яе былі запрошаны як дарослыя, так і юныя сябры арганізацыі.
Напачатку адбыўся семінар, у час якога аб рэалізацыі ў Беларусі міжнароднага праекта «Стварэнне сеткі захавальнікаў вакол ТВП (тэрыторый, важных для птушак)» распавёў рэгіянальны каардынатар па ТВП «Сярэдняя Прыпяць» Анатоль Нефідовіч. Усяго ў Беларусі зараз 53 ТВП, а «Сярэдняя Прыпяць» адносіцца да найбуйнейшых. Ужо сфарміравана з ліку аматараў прыроды сетка захавальнікаў (16 чалавек), якія адсочваюць станоўчыя і негатыўныя змены на дадзенай тэрыторыі і інфармуюць пра іх. Удзельнікі праекта ў гэтым годзе таксама вялі улікі птушак (вяртлявай чаротаўкі, бусла, драча), зладзілі палявы семінар і трохдзённы дзіцячы летнік, экалагічныя туры (у тым ліку водныя, на байдарках), абсталявалі тры турысцкія стаянкі, майстравалі і развешвалі скрыні для белых сініц і сівагракаў, удзельнічалі ў еўрапейскай акцыі «Восеньскія дні назірання за птушкамі», папулярызавалі мэты праекта праз СМІ некалькіх палескіх раёнаў, у тым ліку праз газету «Информ-прогулка»…
З аналагічным вопытам працы ў іншых рэгіёнах азнаёміў рэгіянальны каардынатар ТВП «Балота Званец» (гэта буйное нізіннае балота) Алег Кальчанка (Кобрын). Адбыўся таксама конкурс юных арнітолагаў, дзе найбольш птушак вызначылі і былі адзначаны прызамі вучні Любанскай СШ Яўген Пятроўскі і Юлія Косач.
Вядучы спецыяліст заказніка «Сярэдняя Прыпяць і Лунінскі» Святлана Чарнавокая распавяла аб дзейнасці заказніка, створаным тут экалагічна-асветніцкім цэнтры, распрацаваных турысцкіх маршрутах і «экалагічнай сцежцы». Дарэчы, наш заказнік уключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў.
Старшыня раённага аддзялення АПБ Мікола Лаўніковіч згадаў асноўныя накірункі працы за мінулы год: удзел у разнастайных праграмах уліку птушак, у чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі, зімовай падкормцы птушак, творчым конкурсе «Птушка года» і інш. Яго дапоўнілі настаўнік СШ №2 Аляксандр Хаўдзееў (які каардынуе працу дзіцячых клубаў «Крылаты дазор»), краязнаўцы Іван Панасюк і Сцяпан Нефідовіч. Удзельнікаў вітала госця з Мінска, супрацоўніца офіса АПБ Кацярына Ціхно.
Адбыліся перавыбары савета аддзялення. Новым старшынёй абрана настаўніца Любанскай СШ Ірына Нефідовіч.
Вадзім Жылко, «ИП»