Не балотамі адзінымі — кожная мясцовасць цікавая жыхарамі. Сям’я Нефідовічаў у Лунінецкім раёне развівае сваю аграсядзібу «Прыпяцкі плёс». Ірына і Анатоль — настаўнікі, улюбёныя ў свой край, як бы ні складаліся знешнія абставіны. Ірына распавяла, што да іх часта прыязджаюць арнітолагі, у тым ліку з Еўропы, для назірання за птушкамі. У мінулым годзе ў сезон штотыдзень на сядзібе гасцявалі групы турыстаў. Ірына гаворыць, што «няма нічога лепш за дарогу, якая прыносіць уражанні і новыя веды», засмучаецца, што некаторых сваіх вучняў бачыць ранкам у краме ў чарзе за спіртнымі напоямі для апахмелу.
Анатоль Нефідовіч, відавочна, няўрымслівы гаспадар. Напрыклад, увасобіў у практыку арыгінальную ідэю: прапануе гасцям сядзібы незвычайныя сеансы аздараўлення, то бок сон на вуллях з пчоламі. Ідэю гаспадар пазычаў ва Украіне. Азін пчаляр доўга пакутаваў з хворай спіной. Але аднойчы прысеў побач з вуллем, абапёрся на яго спінаю. Боль прайшоў. Пчаляр звязаў гэта ў лагічны ланцужок ды зладзіў сабе ляжанку на вуллях.
Анатоль Нефідовіч пабудаваў сімпатычны дамок на двух вуллях, а ў ім палок з сеннікам. Гаспадар тлумачыць, што ўначы пчолы не спяць, а працуюць крыльцамі, каб сушыць вуллі. І гэты гул, а таксама выпарэнні мёду і воску надзвычай карысныя. «Не абяцаю, што некага вылечу. Але эстэтычна, эмацыйна гэтая ідэя добрая», — гаворыць Анатоль. Ён прапануе сеансы пчолатэрапіі сваім гасцям. Вырашыў прызначыць цану ў тры долара — можна 20 хвілін паляжаць на вуллях ці ноч там правесці.
Вольга Хвоін, "Новы час"