Подписывайтесь на нас в соцсетях

Пресса о нас | На Лунінеччыне прайшоў прэс-тур журналістаў дзеля абароны балот

На Лунінеччыне прайшоў прэс-тур журналістаў дзеля абароны балот

Сплаўляліся на байдарках, глядзелі  на палескія старадаўнасці, слухалі вяртлявую чаротаўку і адмыслоўцаў-эколагаў.
 На прывале журналістам прадставілі прэзентацыю доктара біялагічных навук Аляксандра Васільевіча Казуліна  “Палескія балоты – лёгкія Еўропы – ў небяспецы”.

 

Цяпер ведаеце і вы:

 

1)  З 1950 года асушана 70 адсоткаў балот. Пазасталыя 30 адсоткаў пасля спынення павальнай меліярацыі зноў пад пагрозай: аб’яўленая кампанія па здабычы торфу. Яго да 2020 года маюць давесці да ўзроўню, як пры СССР. Мэта: спальванне яго як мясцовага паліва. Торф надта попельны і неэнергаёмкі. Яго не спальваюць бадай што нідзе ў свеце. Тым не менш дзеля гэтага дзясяткі балот, – Абораўскае, Сухое, Марочна, Жары і іншыя – пазбаўленыя статусу ахоўваемых тэрыторый і часткова аддадзеныя торфапрадпрыемствам пад распрацоўку.


2)  На беларускіх балотах жывуць 23 з 72 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. На Палессі гэта чорны бусел, балотная кугакаўка і найперш вяртлявая чаратоўка. Гэтых відаў зусім няма або мала ў Заходняй Еўропе. Таксама каля траціны чырвонакніжных прадстаўнікоў флоры растуць на балотах. Калі балоты ўсохнуць, гэтыя віды знікнуць.


3)  Балоты акумулююць столькі сама вады, колькі 10 тысяч беларускіх азёр, і паглынаюць вуглякіслага газу ў 4 – 5 разоў больш за лес.


4) Тут захаваліся яшчэ астраўкі самабытнага палескага ўкладу жыцця. Найперш гэта вёска Кудрычы на Ясельдзе. Толькі там аўтар упершыню ў жыцці ўбачыў адразу дзве цікавосткі: пчаліныя борці і чаротавыя дахі на гаспадарчых пабудовах.

 

5) Удзельнікі прэс-тура былі сведкамі народнага гневу ў Дварцы, сталіцы “трускавак” і чарэшняў, дзе бывае, гандаль ідзе нават не двухсотлітровымі бочкамі, а поўнымі бусамі і грузавікамі. Там у пік клубнічных нарыхтовак мясцовае раённае спажыўтаварыства  два дні вытрымлівала народ без грузавікоў. Многія ночылі са сваімі ягадамі па знаёмых. Натуральна, клубніцы пацяклі, страцілі ў цане ў 5 – 10 разоў. Тады падкацілі грузавікі з бочкамі, і ягады скупілі амаль задарма, па 2 тысячы рублёў за кілаграм, апавядалі ўзрушаныя палешукі.

 

Па-мойму, гэтыя людзі НЕ ПАМЯРКОЎНЫЯ і НЕ СПУСКАЮЦЬ, калі іх крыўдзяць.Думаецца, калі ў іх забяруць асяродак пражывання, даб’юць іхнія балоты, гневу будзе болей за ягадны.

Таму паўтараю ўслед за арганізатарамі прэс-туру,  лунінецкай філіяй Беларускай Асацыяцыі Журналістаў і Грамадскай арганізацыяй “Ахова Птушак Бацькаўшчыны”:  Ня рушце палескіх балотаў! Гэта лёгкія нашы і Заходняй Еўропы. ДАЙЦЕ НАМ СВАБОДНА ДЫХАЦЬ!

Пра альтэрнатывы сказаў старшыня мясцовага адзялення АПБ, настаўнік і эколаг Анатоль Нефідовіч. Найперш, гэта тое самае паліва, якое можна здабываць, зразаючы кусты і робячы з іх паліўныя пелеты. Заадно балоты зберагаюцца ад закустоўвання. Па-другое, гэта аграэкатурызм. Як гэта робіцца, паказаў сам спадар Нефідовіч. Ужо чатыры гады ён з жонкай валодае аграэкасядзібай “Прыпяцкі плёс”. Яна прыносіць прыбытак. Пакуль, нягледзячы на памяркоўныя кошты (прыкладам, сеанс  аздараўлення пчалінай энергетыкай  (сон на вуллі) каштуе каля 25 тысяч рублёў), кліенты Нефідовіча гэта галандцы, немцы ды французы.

Як ратаваць палескія балоты?  Эколаг-эксперт Аляксандр Казулін прапануе заклікаць  выкарыстоўваць дзеля здабычы торфу неэфектыўныя балоты, якія фактычна памерлі. Таксама: інфармаваць  грамадзянаў, пісаць звароты, пратэсты, развіваць альтэрнатывы. Што і робім.

 

Яўген Бяласін, "Брестский Курьер"