Подписывайтесь на нас в соцсетях

Пресса о нас | Прэс-тур на веслах

Прэс-тур на веслах

Гарачым ліпенем ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зладзіла прэс-тур у сэрца беларускага Палесся — на Лунінеччыну. У адрозненне ад удзельнікаў дзяржаўных прэс-тураў, нас, незалежных журналістаў, не сустракалі ў кожным населеным пункце дзяўчыны ў нацыянальных строях, да нашага прыезду не мылі асфальт і не фарбавалі вясковыя платы. І ўвогуле да сустрэчы з намі ніхто, акрамя мясцовых сябраў арганізацыі ды гаспадара аграсядзібы «Прыпяцкі плёс», асабліва не рыхтаваўся. Тым больш што мы па «некранутым» Палессі пераважна прайшлі не па зямлі, а па вадзе.
Прэс-тур «Прыпяць — жывая вада Палесся» пачаўся з вёскі Лахаўка, дзе на рэчцы з зусім не паэтычнай назвай Смердзь журналістаў чакалі байдаркі, вёслы і — «на ўсялякі выпадак» — выратавальныя камізэлькі.
І хоць сёння рачулка выглядала досыць ціхай, рызыкаваць мы не сталі і ўсе як адзін апранулі тыя камізэлькі, калі сядалі ў гумавыя «чоўны». Для большасці калегаў такі досвед быў першым, але, падбадзёрваючы адно аднаго, яны адыходзілі ад берага, каб «адмахаць» на байдарках амаль 20 кіламетраў.
Для мясцовых жыхароў рэчкі — тыя ж дарогі. Пакуль мы збіраліся ў сплаў па рэках Палесся, побач кампанія з дзецьмі складала ў сваю «ма- торку» харчы, каб адпачыць на беразе Прыпяці. Здаецца, што кіраваць лодкаю дзятва тут вучыцца раней, чым хадзіць, а з вудай справіцца кожная дзяўчына.

Першыя ўзмахі вёсламі даліся лёгка. Аднак навуку кіраваць байдаркай даводзілася асвойваць на хаду, таму раз-пораз лодкі заносіла ў берагавы хмызняк. Першая палова вандроўкі праходзіла па невялічкіх рачулках, байдаркі час ад часу туліліся да аднаго з берагоў, калі побач праляталі маторкі. Але хутка мы навучыліся станавіцца носам да хвалі, каб не перакуліцца.
Палову шляху, а гэта дзесяць кіламетраў, давялося ісці па пакручастых, зарослых з абодвух бакоў рачулках і каналах, затое другая палова вандроўкі прайшла па шырокай і глыбокай Прыпяці. Досыць хуткая плынь дапамагала стомленым журналістам. Час ад часу, увогуле кінуўшы веславаць, яны назіралі за палётам шэрых чапляў, буслоў, арланаў, прыслухоўваліся да спеваў птушак у хмызняку, дзівіліся на маляўнічыя краявіды.
Міжволі трохі зайздросцім палешукам, што могуць вось так, «з ветрыкам», прайсці па рацэ дзесяткі кіламетраў. Але ж і мы рухаемся паводле плана: праз паўтары гадзіны махання вёсламі перад намі адкрываецца прыгажуня Прыпяць. Першы прывал...
Тут бы легчы на траўку, з’есці кавалак сала і ні пра што не думаць. Але ж прэс-тур па Палессі — экалагічны. Таму не паспелі журналісты высадзіцца на бераг, як пачалі збіраць у прыбярэжных кустах смецце — пластыкавыя бутэлькі ды бляшанкі з-пад кансерваў. Адным словам, усё, што пакінулі пасля сябе людзі, якія не шануюць родную зямлю. Набраўся не адзін мех. Ужо потым купаліся ў каварнай Прыпяці. Пасля лёгкага перакусу ўсе ізноў паселі ў байдаркі.

Групу журналістаў з Мінска, Гомеля, Лунінца і Барысава ў байдарачным паходзе як інструктар-гід суправаджаў Анатоль Нефідовіч — мясцовы настаўнік, а па сумяшчальніцтве яшчэ і пры- ватны прадпрымальнік. У Нефідовічаў свой маленькі сямейны бізнес — вясковы турызм. Аднак, калі іншыя прапаноўваюць гасцям лазню, рыбалку і шашлык увечары, Анатоль Нефідовіч прываблівае турыстаў байдарачнымі паходамі і назіраннем за мясцовымі птушкамі. Таму да яго прыязджаюць не толькі турысты з замежжа, але і навукоўцы.
Настаўнік геаграфіі і гісторыі Анатоль Нефідовіч — сябра абласнога савета грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Пра птушак Анатоль можа распавядаць гадзінамі. Большасць з іх можа пазнаць на слых. Кожны птушыны голас для арнітолага-аматара мае значэнне, бо дапамагае вызначыць папуляцыю птушак.

Бацька Анатоля Сцяпан Паўлавіч таксама настаўнічаў, зараз усё больш піша пра сваю малую Радзіму, друкуецца ў газеце «Информ-прогулка» (Лунінец). Асабліва краязнаўца ганарыцца сваімі публікацыямі пра мясцовыя рэкі і рачулкі, бо пра кожную, нават тую, якой ужо няма, можа расказаць шмат цікавага.
«Маленькія рэчкі, дзе гарлачыкі і лілеі былі раней, дзе ліны і шчупакі вадзіліся, дзе раней мы карасёў кашамі лавілі, проста зніклі. Асушылі іх зусім, павыпроствалі», — шкадуе аб мінулым Сця- пан Нефідовіч.
«Выпрасталі» меліяратары рэчку Лань (ці Лану, як называюць яе старэйшыя), рэчкі Выдранку і Ваўчанку зрабілі каналамі і прытокамі Смердзі... Разам з рэчкамі «асушылі» меліяратары і вялікую частку жывёльнага і расліннага свету. Калісьці ў гэтых мясцінах, узгадвае Сцяпан Нефідовіч, ракаў лавілі рукамі, уюны вадзіліся, зараз іх амаль не знайсці.
«Цяпер не тое што ў рэках — на вясковых вулачках жыццё замірае», — шкадуе Сцяпан Паўлавіч.
Вёска Лахва і суседняя Любань — не малыя. Адна толькі Лахва расцягнулася абапал дарогі на 6 кіламетраў. Але ж, калі раней на дзве вёскі прыходзілася ажно чатыры школы, то зараз заста- лася толькі адна. І ў той — усяго каля 150 вучняў, хаця раней было ў тры разы больш.
«Вымірае вёска паціху, з’язджае моладзь. Бо не бачыць, чым тут на жыццё зарабляць», — з сумам гаворыць сівы краязнаўца.
Маладыя Нефідовічы больш аптымістычныя. Дзяцей гадуюць «на прыродзе». Разам узяліся за новую справу і арганізавалі аграсядзібу «Прыпяцкі плёс». На заробак настаўніка асабліва не пашыкуеш, таму палацаў у Нефідовічаў па- куль няма. Але гасцінныя суседнія хаты далі прытулак усім журналістам.
Раніцай мы адчулі, як гудзе ўсё цела, як ныюць рукі і пякуць нацёртыя вёсламі мазалі. Але мацней за той боль было пачуццё гонару за самога сябе і сяброў, бо мы гэта зрабілі! Мы прайшлі на вёслах па Палессі! І іншым раім! Як сказаў пасля паходу старшыня гомельскай суполкі БАЖ Анатоль Гатоўчыц, такія прэс-туры «вельмі карысныя для журналістаў. Яны даюць магчымасць пабачыць сапраўднае жыццё і набрацца шчырых уражанняў».

 


Яніна МЕЛЬНІКАВА, "Абажур"