Подписывайтесь на нас в соцсетях

Пресса о нас | ДУПЛЯНКІ ДЛЯ СІНІЦЫ

ДУПЛЯНКІ ДЛЯ СІНІЦЫ

Акцыю “Кожнай птушцы па хатцы”, скіраваную на тое, каб пабудаваць штучныя хаткі для белай сініцы, праводзяць выхаванцы турыстычна-экалагічнага гуртка Любанскай СШ.

Адна з найбольш вострых праблем сучаснасці - экалагічная. У выніку бяздумнага асваення навакольнага асяроддзя чалавек забруджвае паветра і ваду, асушае балоты, знішчае лес. Сам жа ад гэтага пакутуе. Але яшчэ больш востра адчуваюць вынікі чалавечай дзейнасці браты нашы меншыя.

Сярод шматлікіх прадстаўнікоў жывёльнага свету асобна можна вылучыць белую сініцу (лазараўку). Цэнтрам арэала гэтай птушкі з’яўляецца Беларусь. Асаблівасць яе ў тым, што сваё гняздо белая лазараўка будуе ў дуплах дрэў.

Старых дрэў становіцца ўсё менш, то і загняздзіцца гэтай птушцы складаней - яна альбо наогул не робіць кладку, альбо робіць гэта ў нязручным і непрыгодным для гэтага месцы.

Так, вядомы выпадак, калі ў пазамінулым годзе птушка зрабіла сваё гняздо на зямлі, у шчыліне паміж дзвюма бетоннымі плітамі. Лёс гэтага гнязда сумны: кладка прапала.

Гэтая гісторыя стала штуршком для экалагічнай акцыі “Кожнай птушцы па хатцы”, якую вырашылі правесці выхаванцы турыстычна-экалагічнага гуртка Любанскай СШ. Мэта акцыі - пабудаваць штучныя хаткі для белай сініцы.

Кіраўнік гуртка Анатоль Сцяпанавіч Нефідовіч распавядае: “Белая лазараўка вельмі пераборлівая, таму звычайна скрыні яе не прывабліваюць. І мы з вучнямі, каб зберагчы рэдкі від, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і дапамагчы з дуплянкамі, робім штучныя домікі для гэтай птушкі”.

Дуплянкі будуць размешчаны ўздоўж Прыпяці, што павінна прыцягнуць белую лазараўку гняздзіцца ў пабудаваных для іх хатках.

 

Хрысціна АРАШКЕВІЧ, Информ-прогулка