Подписывайтесь на нас в соцсетях

Пресса о нас | Незвычайны адпачынак на Палессі

Незвычайны адпачынак на Палессі

Палессе. Вёска Моршчынавічы Лунінецкага раёна. Некалі тут стаялі польскія памежнікі – да 1939 года ахоўвалі мяжу ад нападу СССР. Старыя з некалькіх жылых хат не шмат пра гэта ўзгадаюць, болей пра Лукашэнку кажуць – пенсіянеры, як вядома, «усе за яго».
Каля вёскі са старымі студнямі пахмурнай летняй раніцай у нас старт. Мы ў прэс-туры, арганізаваным Лунінецкiм філіялам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Анатоль Нефідовіч, гаспадар аграсядзібы «Прыпяцкі плёс», з кампаньёнам рыхтуе для вандроўкі байдаркі. Перад намі рака Случ – прыток самой Прыпяці.

Прыпяцкі плёс


Толькі знаходжанне па-за горадам і пахмурнае надвор’е прымушаюць упершыню за лета падняць галаву і доўга, грунтоўна ўглядацца ў неба. Дождж – адна з галоўных інтрыг нашай вандроўкі.
Першыя рухі на байдарцы натхняюць. Ты — частка ланшафту, ты — ўнутры. Наперадзе 13 кіламетраў ракі. Набіраем хуткасць. Але мы не на спаборніцтвы сюды прыехалі. Навокал – пойменныя дубравы. Дубравы ў Беларусі толькі тут, на поўдні. Бадаркі – найлепшы шлях, каб пабачыць іх у цэласнай карціне, кажа Анатоль Нефідовіч. Ісці пешшу уздоўж рэчкі цяжка — шмат перашкод і нязручнасцяў, а ў байдарцы — камфортна, зручна і прыемна.
Уся Беларусь у арэале дуба, чаму ж дубравы толькі на поўдні? Гэта загадка, бо глеба для элітнай драўніны больш спрыяльная на поўначы! А як вам такая інфармацыя да роздуму: у Беларусі аж 284 населеных пунктаў з корнем «дуб» у назве — большасць з іх таксама на поўначы і ў цэнтры. Але каля якой-небудзь Дубаўкі гэтага самага дуба днём з агнём не знойдзеш.

Прыпяцкі плёс


Расследванне правёў Максім Ярмохін, навуковы супрацоўнік інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ. Ён падняў архіў, і што аказалася: з XIII па XVII стагоддзі дуб актыўна экспартаваўся ў Еўропу. Асноўны шлях экспарту элітнай драўніны пралягаў праз Заходнюю Дзвіну і Балтыйскае мора. Вось і разгадка, чаму на поўначы нічога не засталося. Усё проста і банальна: дубы на тэрыторыі Беларусі знішчыў, вывез чалавек.

Прыпяцкі плёс


Пра ўсё гэта нам на беразе Случы падчас прывалу распавядае Анатоль Нефідовіч. Да фінішу застаецца не так ужо і шмат. Баляць не рукі — баляць пальцы. Гэта не разняволена стукаць па клавіятуры, трэба напружвацца.
Случ прыгожая, не вялікая і не малая. Шлях звілісты і гэтым цікавы, трэба ўмець ўпісвацца ў завароткі.

Прыпяцкі плёс


Дождж! Сапраўдны летні дождж. Вада цяпер і знізу, і зверху. Канчатковае злучэнне чалавека з прыродай. Цяжка было прыдумаць лепей.
На беразе Антоль Нефідовіч забірае нас і вязе на сваю аграсядзібу. Вечарам – лазня.