Подписывайтесь на нас в соцсетях

Пресса о нас | Чарговы БАЖаўскі прэс-тур на байдарках

Чарговы БАЖаўскі прэс-тур на байдарках

Гэты тур на вёслах — не першы для журналістаў. У мінулым годзе БАЖаўскі «дэсант» сплаўляўся на байдарках па маршруце Смердзь-Прыпяць.

Увага журналістаў была прыкавана да пойменных дубраў, якіх у краіне з кожным годам застаецца ўсё менш. Унікальнасць Случы, як распавёў перад адплыццём праваднік-інструктар, член рады абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак бацькаўшчыны», каардынатар рэгіянальных праектаў «Тэрыторыі, важныя для птушак» Анатоль Нефідовіч, у тым, што па яе ўзбярэжжы захаваліся рэліктавыя дубравы. Засталіся тут і рэдкія экзэмпляры маронага дуба, з каштоўнай драўніны якога (гэта свайго рода акамянеласць) выраблялі мэблю для каралеўскіх асоб.

Адметная Случ і адносна птушак. Тут, у дубравах па ўзбярэжжы, можна пабачыць рэдкіх ракшавых: сіваграка, зімародка, удода. Менавіта ў дубравы Случы прыязджаюць паглядзець на птушак арнітолагі з Польшчы, Англіі, Германіі і іншых краін. Нашы турысты, як гаворыць Анатоль Нефідовіч, такой цікавасці, як замежныя госці, да фаўны і флоры не праяўляюць.

Цікава і тое, што па Случы з 1921 по 1939 год праходзіла мяжа Заходняй Беларусі, а ў вёсцы Моршчынавічы, якая ў некалькіх сотнях метраў ад ракі (перад адплыццём там таксама пабывалі журналісты), знаходзіўся ў той час польскі пагранічны пастарунак.

 

Дай людзям мудрасці, сімвал мудрасці!

 

Больш падрабязна пра дубравы ўдзельнікі прэс-туру даведаліся з презентацыі, падрыхтаванай навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ Максімам Ярмохіным. Прэзентацыя прайшла ў жывапісным месцы, сярод выкавых дубоў, куды журналісты даплылі па рацэ на байдарках.

Навуковец зрабіў цікавыя даследаванні. З тэрыторый, пакрытых лесам, дубраў у Беларусі толькі каля 8%. Пойменныя дубравы больш захаваліся на паўднёвым усходзе Беларусі. Прычым, аказваецца, што Глебы, больш спрыяльныя для дубраў, наадварот, — на поўначы.

Дуб лічыцца сімвалам мудрасці. Магчыма, па гэтай прычыне ў Беларусі так шмат назваў населеных пунктаў з корнем «дуб». Максім Ярмохін налічыў такіх 284. У Лунінецкім раёне таксама ёсць вёска Дубаўка. Але цікава, што назвы гэтыя часцей ужываюцца не там, дзе растуць дубравы. У большасці выпадкаў ніводнага дуба каля ўсялякіх Дубкоў, Дубавак, Дубочкаў і г.д., па назіраннях навукоўцаў, няма нават ў радыусе кіламетра.

Найбольш актыўным экспарт дуба ў Еўропу быў у ХVI-ХVII стагоддзях. Калі прасачыць, па якіх шляхах вывозілася каштоўная драўніна, то самы кароткі і зручны з іх ляжаў праз басейн Дзвіны. І калі спачатку ў краіне значна пераважаў экспарт дуба, то потым ужо — сасны. Па простай прычыне — дуба не стала.

Як адзначыў Анатоль Нефідовіч, праблема захавання дубраў сёння вельмі актуальная: чалавек знішчаў дубы з-за актыўнага нерэгуліруемага гандлю. На поўначы Беларусі і ў цэнтральнай яе частцы дубраў зусім не засталося. Па словах Максіма Ярмохіна, ставіцца задача пакрыць Беларусь дубамі ў тры разы больш, чым іх расце цяпер.

Падчас абмеркавання Яўген Валошын (газета «Звязда», Мінск) прывёў прыклад, як у Бешанковічах улады спілавалі дуб Напалеона. Ён таксама адзначыў: «Я аб’ехаў шмат чаго, і толькі нядаўна зразумеў, як цудоўна адпачываць у нас. Гэты тур — сапраўды шыкоўны». Алесь Белы (газета «Інтэкс-прэс», Баранавічы), дарэчы, адзін з нямногіх, хто маеў досвед сплаву на байдарках, заўважыў, што праблему знішчэння дубраў (а гэта унікальныя ў экасістэме мясціны!) трэба больш актыўна асвятляць у СМІ і прыцягваць да яе ўвагу грамадскасці.

 

«Сушы вёслы!»

 

Няглядзечы на тое, што надвор’е не парадавала вандроўнікаў, і амаль палову шляху прыйшлося сплаўляцца пад дажджом, ніхто з удзельнікаў не сышоў з дыстанцыі. Журналісты паспявалі і веславаць, і здымаць, і нават браць адзін у аднаго інтэрв’ю.

Калі прагучала каманда «Сушы вёслы!», многія нават засмуціліся, што паход скончыўся. І хоць усе стаміліся, да крыві нацёрлі мазалі на далонях і прамоклі да ніткі, настрой быў лірычны — Случ нам скарылася! І нават, здавалася, вялізныя, гордыя дубы перашэптваліся паміж сабой і, развітваючыся з намі, дзякавалі за неабыякавасць.

А потым, на працягу вечара, абмяркоўвалі ўражанні! Былі юшка, спевы і вершы ля вогнішча ў кампаніі аднадумцаў…

 

Святлана Гарда для baj.by, Фота Аляксандра Зянкова

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны

 

Сплау Ахова птушак бацькаўшчыны